Беларускія велагоншчыцы заваявалі тры бронзавыя медалі на чэмпіянаце свету

Беларускія гоншчыцы заваявалі тры бронзавыя медалі на чэмпіянаце свету па веласпорце на трэку. Спаборніцтвы праходзілі ў дацкім Капенгагене з 24 па 28 сакавіка. Дзве бронзы на рахунку Вольгі Панарынай, якая перабралася ў Беларусь з Украіны пасля Алімпіяды-2008 у Пекіне і выступае ў спрынтарскіх дысцыплінах.

Як нагадвае БЕЛТА, 25 сакавіка яна выйграла бронзу ў гіце на 500 м. А 28 сакавіка, у заключны дзень турніру, дадала ў сваю калекцыю бронзавую ўзнагароду ў кейрыне (8 кругоў па 250 м). Чэмпіёнкай у гэтай дысцыпліне стала Сімоне Крупескайтэ з Літвы, срэбным прызёрам - Вікторыя Пэндлтон з Вялікабрытаніі.

Трэці медаль беларускай каманды на рахунку Таццяны Шараковай, якая заваявала бронзу ў гонцы па ачках на 25 км з 10 спрынтарскімі фінішамі. На прамежкавых фінішах яна па разе стала першай і другой, а яшчэ двойчы была пятай, набраўшы ў выніку 33 ачкі. Столькі жа ў новазеландкі Лорэн Эліс, але яна атрымала срэбра па дадатковых паказчыках (больш высокае месца на заключным этапе). Чэмпіёнкай жа стала Тара Ўітэн з Канады, якая атрымала 36 балаў.

У медальным заліку з трыма бронзавымі ўзнагародамі Беларусь, якую прадстаўлялі толькі дзве гоншчыцы, заняла 15-е месца. Агулам у чэмпіянаце свету прымалі ўдзел прадстаўнікі 38 краін.