Беларускія выратавальнікі гасяць пажары каля трох расійскіх вёсак

Зборны атрад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі стрымлівае агонь на подступах да трох расійскіх вёсак ў Разанскай вобласці. Як інфармуе БЕЛТА, праца беларускіх выратавальнікаў 11 жніўня будзе асабліва напружанай, бо чакаецца ўзмацненне ветру да 13 метраў у секунду. Гэта, у сваю чаргу, можа спрыяць развіццю пажару.

За 10 жніўня беларускія выратавальнікі ў Расіі ліквідавалі 9 лясных і адзін тарфяны пажар, а таксама тры загаранні сухой расліннасці ў трох раёнах Разанскай вобласці на агульнай плошчы 16,5 га.

Акрамя таго беларускі верталёт Мі-8 зрабіў 9 вылетаў на гашэнне лясных пажараў у Тамбоўскай вобласці і збіраецца ў Пензу.