Беларусы ў 2008 годзе змогуць з’ездзіць у Польшчу па нацыянальнай візе

У ноч з 20 на 21 снежня Польшча ўступае ў Шэнген. Адпаведна амбасада гэтай краіны пачне выдаваць шэнгенскія візы, якія будуць каштаваць 60 еўра. Працэдура атрымання візы ўскладніцца. Еўрарадыё вырашыла высветліць, ці змогуць беларусы адсвяткаваць Каляды і Новы год у Польшчы яшчэ па нацыянальнай візе за 5 еўра. Па словах прэс-сакратара польскай амбасады Монікі Садкоўскай, нягледзячы на Шэнген, беларусы змогуць атрымаць нацыянальныя візы на пачатак студзеня. Толькі зрабіць гэта неабходна да 21 снежня.

Моніка Садкоўская:“На візу можна падаць папярэдне і атрымаць шматразовую на 90 дзён. Таму, калі некаму трэба паехаць у пачатку наступнага года, то можна падаваць на візу да 20 снежня. Але гэта будзе польская віза, якая будзе дзейнічаць толькі на тэрыторыі Польшчы”.

Прэс-сакратар патлумачыла, што рашэнне пра выдачу нацыянальнай візы на пачатак 2008 года будзе прымацца консулам у індывідуальным парадку ў залежнасці ад абставінаў і патрэбы паездкі. Пры гэтым спадарыня Садкоўская не акрэсліла рамкі "пачатку студзеня".