Беларусы заваявалі 8 медалёў на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы

Чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы сярод моладзі завяршыўся 19 ліпеня ў літоўскім Каўнасе. У апошні дзень спаборніцтваў беларусы заваявалі пяць медалёў. Да золата Юрыя Шаюнава, інфармуе БЕЛТА, срэбраныя ўзнагароды дадалі Святлана Кудзеліч у бегу на дыстанцыі 5000 м і Настасся Мірончык у скачках у даўжыню. Святлана Кудзеліч паказала вынік 16:03.85 і саступіла толькі расіянцы Наталлі Папковай (15:54.11). Настасся Мірончык з вынікам 6,76 прапусціла наперад толькі немку Мелані Бошке (6,83).

Бронзавыя ўзнагароды беларусы выйгралі ў жаночай эстафеце 4х400 м і ў трайным скачку, дзе вылучыўся Аляксандр Лябедзька.

Раней срэбра ў спартовай хадзе заваяваў Дзяніс Сімановіч, бронзавымі прызёрамі сталі Аліна Талай у бегу на дыстанцыі 100 м з бар'ерамі, і Алена Копец у штурханні ядра. Такім чынам, на рахунку беларусаў 8 медалёў.