БХК праінфармаваў ААН пра пераслед і запалохванне адвакатаў у Беларусі

Праваабарончая арганізацыя "Беларускі Хельсінскі камітэт" накіравала спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэле Кнауль паведамленне пра ўціск, што аказваецца ўладамі на адвакатаў, якія ажыццяўляюць абарону абвінавачаных і падазраваных у арганізацыі і ўдзелу ў масавых беспарадках 19 снежня, а таксама пра іншыя факты пераследу і запалохвання адвакатаў. Пра гэта паведаміў БелаПАН кіраўнік БХК Алег Гулак.

"Мы накіравалі Габрыэле Кнауль інфармацыю пра тое, з якімі праблемамі і ўціскам сутыкаюцца адвакаты, асабліва тыя, якія займаюцца абаронай былых кандыдатаў у прэзідэнты. Таксама мы праінфармавалі яе пра ануляванне ліцэнзіі Валянціны Бусько, якая была затрыманая на плошчы Незалежнасці 19 снежня. Асаблівую ўвагу мы надалі і адвакату Святланы Байковай Міхаілу Волчаку, на якога заведзеная крымінальная справа за выдаванне матэрыялаў следства", — паведаміў Гулак.

Ён спадзяецца, што прыцягненне ўвагі спецдакладчыка ААН да гэтых фактаў стане дадатковым механізмам абароны адвакатаў ад уціску. "Спецдакладчык мае права звярнуцца да ўлад Беларусі па тлумачэнні. Спадзяюся, што гэта стане стрымліваючым фактарам для ўлад, каб не прымяняць супраць адвакатаў рэпрэсіі, забяспечыць іх права на абарону", — адзначыў старшыня БХК.