«Би-2» запіша «Нечетного воина-2» з сусветнымі рок-зоркамі

Гурт «Би-2» рыхтуе да выдання другі альбом праекту «Нечетный воин». Як і на дэбютнай кружэлцы, аснову другой склалі кампазіцыі аўтарства Міхаіла Карасёва - даўняга паплечніка і суаўтара песень гурта.

Але ў параўнанні з першым запісам праекту склад удзельнікаў «Нечетный воин-2» значна пашырыўся. Акрамя Дыяны Арбенінай, Таццяны Літвіненка, Іны Жаланнай, Ірыны Акімцавай з «Лакмуса» і братоў Самойлавых з «Агаты Кристи», удзел у працы над новым альбомам узялі Аляксей Раманаў («Воскресение»), Сяргей Мазаеў («Моральный кодекс»), Раман Суслаў («Вежливый отказ»), Аляксандр Ф. Скляр («Ва-банкъ»), Аляксей Кортнеў («Несчастный случай»), Ірына Багушэўская, Дэвід Браўн (Brazzaville), Луі Франк (Esthetic Education), гурты Punk TV і Truffele.

Дадам, што альбом будзе аформлены ў выглядзе стылізаваных пад 50-я гады коміксаў, героямі якога стануць удзельнікі праекту.

Буклет з коміксамі будзе ўключаны ў дарагое выданне «Нечетного воина», якое з'явіцца ў крамах 26 лютага. Акрамя таго, на кружэлку трапіць фільм, які распавядае пра стварэнне альбома.

Рэліз звычайнага варыянту дыску запланаваны кампаніяй «Містэрыя гуку» на 4 сакавіка.

Дызайн пласцінкі даў ідэю і для сцэнара закрытай прэзентацыі, якая адбудзецца 3 сакавіка ў маскоўскім тэатры «Школа сучаснай п'есы».

Тэатральная сцэна ператворыцца ў невялікі бар, дзе, як і ў буклеце, разгорнуцца асноўныя падзеі.

Але зразумела, што сабраць для выступу ўсіх удзельнікаў праекту проста нерэальна, таму на сцэну «Школы сучаснай п'есы» выйдуць тыя артысты, якія ў гэты дзень будуць у Маскве.

Фота: www.sharereactor.ru