Бішкек спадзяецца, што "пытанне Бакіева" не пасварыць Беларусь і Кыргызстан

"Народы Кыргызстана і Беларусі перажывуць пытанне Курманбека Бакіева, і гэта ніякім чынам не адаб'ецца на нашых адносінах", — заявіў БелаПАН кіраўнік апарата часовага ўрада Кыргызстана Эдзіль Байсалаў. Такім чынам ён пракаментаваў заяву Аляксандра Лукашэнка. Нагадаем, 4 траўня ў інтэрв'ю агенцтву Reuters прэзідэнт Беларусі заявіў, што не збіраецца выдаваць Бакіева новым уладам Кыргызстана.

Па словах Байсалава, гэта права беларускага кіраўніцтва — не выдаваць Бакіева. Але ўлады Кыргызстану па-ранейшаму заяўляюць, што лічаць Бакіева дыктатарам, які ўзурпаваў уладу, а ўвесь свет назіраў за растрэлам мірнай дэманстрацыі.

Байсалаў адзначыў, што Кыргызстан паважае суверэннае права Беларусі даваць сваю тэрыторыю трэцім асобам. "Але мы разлічваем, што гасціннасцю беларускага народа не будуць злоўжываць, з тэрыторыі Беларусі не будзе зыходзіць пагроза стабільнасці і аднаўленню палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця Кыргызстана", — падкрэсліў ён.