БМЗ мае намер укласці 17 млн. еўра ў экалагічны складнік прадпрыемства

У найбліжэйшыя пяць гадоў РУП "Беларускі металургічны завод" мае намер укласці 17 млн. еўра ў мерапрыемствы па паляпшэнні экалогіі вытворчасці, паведамляе БелаПАН.

Так, БМЗ ужо падпісаў кантракт на 5 млн. еўра з фінскай кампаніяй Water Group на рэканструкцыю сістэм пылагазавыдалення, што дазволіць істотна скараціць выкіды шкодных рэчываў у атмасферу і палепшыць якасць сцёкавых вод.

Дзякуючы новай сістэме з'явіцца магчымасць аўтаматычна рэгуляваць дапал чаднага газу, а таксама максімальна эфектыўна выкарыстоўваць цяпло ад адыходзячых газаў і атрымаць пару ціскам у 20 атмасфер. Пара надалей будзе выкарыстоўвацца ў тым ліку для выпрацоўкі электраэнергіі і паменшыць спажыванне прыроднага газу.

Прэс-цэнтр паведамляе, што фінансавай аддачы ад экалагічнага праекта чакаць не прыйдзецца, а яго галоўная выгада — памяншэнне нагрузкі на навакольнае асяроддзе.