Больш 80 арганізацый падпісалі зварот па праекце закона "Аб НКА"

Працягваецца збор подпісаў беларускіх некамерцыйных арганізацыяў пад калектыўным зваротам па праекце закона "Аб некамерцыйных арганізацыях". Па закліку Цэнтра прававой трансфармацыі ды Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый  беларускія структуры грамадзянскай супольнасці далучаюцца да супольных заўвагаў і прапановаў. Арганізацыі выпрацавалі агульны падыход да зместу праекта новага закона.

На дадзены момант да калектыўнага звароту далучыліся шэраг аўтарытэтных і вядомых грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускае дабраахвотнае таварыства абароны помнікаў гісторыі і культуры, Таварыства беларускай школы, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларускае грамадскае аб’яднанне юрыстаў-гаспадарнікаў ды дзясяткі іншых грамадскіх аб’яднанняў, фондаў, установаў.

Ініцыятары зварота перакананыя, што пры распрацоўцы закона неабходна больш увагі надаць не абмежавальным і кантрольным нормам, а палажэнням, якія спрыяюць развіццю НКА. У звароце прапануецца арганізаваць адкрытыя мерапрыемствы па абмеркаванні закона.

Збор подпісаў НКА пад калектыўным зваротам працягнецца да 4 сакавіка. Пасля гэтага дакумент будзе перададзены ва ўрад, які нясе адказнасць за распрацоўку закона, а таксама ў Палату прадстаўнікоў беларускага парламенту, паведамляе прэс-служба Асамблеі НДА.