Больш за 150 дэлегатаў прыбылі на VII з'езд Саюза палякаў у Беларусі

15 сакавіка ў 10 гадзінаў у Гродне адкрыўся VII з'езд не прызнанага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Борыс. Як паведамляе БелаПАН, у з'ездзе ўдзельнічаюць больш за 150 дэлегатаў з усіх абласцей краіны. На з'езд таксама прыехалі звыш 200 гасцей, у тым ліку прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў Польшчы, польскага Сейма і Сената, дэпутаты Еўрапарламента і старшыня руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч.

Дэлегаты з'езду падвядуць вынікі дзейнасці арганізацыі за апошнія чатыры года, правядуць выбары кіраўніцтва саюза і прымуць шэраг дакументаў. Сваю працу з'езд павінен скончыць у 15.00. Па яго выніках кіраўніцтва Саюза палякаў плануе падаць дакументы на рэгістрацыю аб'яднання.

Тэрыторыя вакол будынка насычаная супрацоўнікамі праваахоўных органаў, якія вядуць відэаздымкі. Прадстаўнікі дзяржаўных СМІ на з'езд не дапушчаныя. Выступы з дапамогай аўдыёсістэм транслююцца на вуліцу.

12 сакавіка ў інтэрв'ю, апублікаваным у адмысловым нумары газеты "Глос з-над Немна ў выгнанні" лідэр аб'яднання Анжаліка Борыс заявіла, што праблемы легалізацыі саюза цалкам залежаць ад палітычнай волі беларускіх уладаў.

Варта адзначыць, што 16 сакавіка ў Брусэлі міністры замежных спраў краін Еўрасаюза намерваюцца прыняць рашэнне аб працягу або спыненні санкцый у стаўленні беларускіх улад. Сваю пазіцыю па гэтым пытанні Польшча звязвае, у тым ліку з сітуацыяй вакол СПБ.