Брэстаўчанін падаў заяўку на пікет "супраць недасведчанасці чыноўнікаў"

Брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк 23 снежня падаў заяўку на правядзенне пікета "супраць прававой недасведчанасці чыноўнікаў", паведамляе БелаПАН. Паводле слоў Кісляка, у ходзе вывучэння матэрыялаў аб адабранні ў жыхаркі Брэста выдзеленага ёй зямельнага ўчастка для будаўніцтва дома ён устанавіў, што ўчастак быў адабраны Брэсцкім гарвыканкама на падставе парушэння Кодэкса аб зямлі.

"Рашэнне было вынесена 26 лістапада, але к гэтаму часу гэтая прававая норма ўжо тры месяцы як страціла сілу", — адзначыў праваабаронца.

Кісляк падкрэсліў, што гэта ў Брэсце не адзінкавы выпадак. "Чыноўнікі павінны ведаць законы і няўхільна выконваць іх. А зямельныя пытанні — асабліва адчувальная сфера для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў", — сказаў праваабаронца.

У заяўцы на пікет Кісляк паведамляе, што плануе правесці яго на плошчы Леніна днём 29 снежня.