Брэстчанін краў парфуму, каб павіншаваць дзяўчыну з Днём святога Валянціна

У Брэсце затрыманы 19-гадовы мясцовы жыхар, якога падазраюць у серыі крадзяжоў з гандлёвых павільёнаў на рынку "Юбілейны". Як паведамілі БелаПАНу міліцыянты, 11 лютага ў міліцыю звярнуліся чатыры індывідуальныя прадпрымальнікі. Яны заявілі, што 10 лютага з 21.20 да 22.20 невядомы ўзламаў замкі ралетаў чатырох гандлёвых павільёнаў на рынку і скраў адтуль тавары — парфуму, біжутэрыю і адзежу. Паводле папярэдніх звестак, кошт скрадзенага складае больш за 2 млн рублёў.

Калі міліцыянты затрымалі 19-гадовага непрацуючага юнака, раней судзімага за крадзяжы, у яго знайшлі вялікую частку скрадзенага.

Хлопец патлумачыў, што асноўным матывам для здзяйснення крадзяжу стала жаданне адзначыць 14 лютага Дзень святога Валянціна і зрабіць падарункі каханай дзяўчыне.