Бюджэту Нясвіжскага палацу хопіць на два наборы радзівілаўскага посуду

Айчынныя мецэнаты не маюць грошай падчас крызісу, а “за так” перадаваць рэчы ў музей людзі не жадаюць. Самі ж Радзівілы дзеляцца толькі электроннымі копіямі старажытнасцяў. У 2011 годзе Нясвіжскі палац упершыню пасля рэстаўрацыі адчыніць свае дзверы для ўсіх ахвотных. Ужо на працягу года кіраўніцтва Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка звяртаецца да ўсіх з просьбай дапамагчы ў папаўненні фондаў. Аднак, паводле слоў дырэктара Валерыя Сталярчука, класічнага мецэнацтва ў нашай краіне пакуль не заўважаецца. Паўсюль крызіс…

Сталярчук: “Былі вусныя перамовы. Аднак скончыліся размовамі кшталту “крызіс, у саміх грошай няма пакуль”. Таму прапанавалі адкласці рашэнні такіх мецэнацкіх пытанняў на больш позні час”

Не так даўно ў Нясвіжскі замак прыязджалі нашчадкі Радзівілаў. Тых самых, што ў свой час валодалі гэтым славутым беларускім мястэчкам. Аднак нават яны ня так шмат здолелі перадаць на карысцю музея:

Сталярчук: “Радзівілы, калі прыязджалі, насамрэч зрабілі вельмі шмат для нашага заказніка. Матэрыялы былі перададзеныя нам хоць і капійныя, аднак усё ж такі яны нам іх прывезлі. Сярод іншага 168 гравюр Ляйбовіча і карціны Барбары Радзівіл у лічбавым фармаце”.

Музейнае кіраўніцтва спрабуе рознымі шляхамі стварыць атмасферу старажытнасці ў сценах Радзівілаўскага палаца. Аднак пошук вядзецца толькі ў межах Беларусі, бо з-за мяжы прывезці нешта практычна нерэальна. Нават калі гэтыя рэчы ў свой час былі вывезеныя з Нясвіжа. Аднак нават гэтая праца, адзначае спадар Сталярчук, можа даць свае вынікі. Толькі гады праз тры:

Сталярчук: “Мы працуем і з прыватнымі асобамі, і з калекцыянерамі, і з антыкварнымі крамамі. Знаходзім рэчы часоў Радзівілаў, аднак набываюцца яны за кошт нашага бюджэта. За адзін раз такія рэчы не набываюцца, аднак паціху мы ўсё ж такі збіраем нармальную калекцыю. Грошы нам усё ж такі выдзяляюць, таму я мяркую, што праз гады тры мы збярэм досыць добры музейны фонд”.

Запаўняць калекцыю музея сапраўды даволі цяжка. У 1939—1941 гадах Радзівілаўскі палац нацыяналізавала савецкая ўлада, усе каштоўнасці былі вывезеныя ў Мінск. Пазней большасць з іх прапала. Засталіся толькі два люстры, якія трапілі яшчэ да вайны ў цяперашні Купалаўскі тэатр. Нешта ў свой час папросту прыносілі людзі. Зараз жа такія дабрачынныя акты — рэдкасць. Таму і шляхоў да ўзбагачэння калекцый найзнакамітага палаца засталося не так шмат:

Сталярчук: “Грамадства пакуль вельмі слаба рэагуе на нашыя запыты. Форма можа быць любая насамрэч. Па-першае, грашовы ўнёсак на рахунак музея. Па-другое, чалавек можа перадаць музею нейкую рарытэтную і цікавую рэч. Па-трэцяе, можна дапамагчы ў наладжванні кантактаў для музея. Ну і яшчэ адная рэч — гэта фізічная дапамога музею: прыбраць там чаго ў палацы… Вось не так даўно знайшоўся адзін прадпрымальнік, які выказаў жаданне дапамагчы адліць гарматы для палаца. Па аналагу з тымі, што стаяць у Пецярбургу. А калі даведаўся, колькі гэта каштуе — пагадзіўся толькі з адной гарматай дапамагчы”.

На гэты момант адзінай крыніцай, адкуль музей можа браць грошы на набыццё рарытэтаў, з'яўляецца бюджэт краіны. Сёлета музею далі 350 мільёнаў рублёў. Аднак нават гэтых грошай хапае, напрыклад, толькі на два наборы посуду часоў Радзівілаў:

Сталярчук: “Нават аналагі посуду, вазы тых часоў каштуюць па 10-12 тысяч долараў. Посуд мэйсэнскі гэтаксама каштуе не менш за 20 тысяч. Сумы немалыя. Таму тыя, хто мае такія рэчы ў асабістай уласнасці, не вельмі хочуць “за так” з імі расставацца. Мы, канечне ж, спрабуем набыць іх. Вось у гэтым годзе нам выдзялілі 350 мільёнаў. Гэтыя грошы і пойдуць на закупку новых экспанатаў. А вось прыкладаў мецэнацтва, на жаль, мы пакуль не маем”.

У сучаснай беларускай гісторыі ёсць і прыклады буйнога мецэнацтва. Гэта Анджэй Ціханавецкі — ён з’яўляецца грамадзянінам Англіі, аднак ягоны род паходзіць з Бешанковічаў. Дык ён у свой час нават скарынаўскую Біблію прэзентаваў Беларусі. А яшчэ і посуд і некалькі твораў з Радзівілаўскай калекцыі. Аднак, на жаль, гэта амаль адзіны прыклад буйнога мецэнацтва ў Беларусі. На думку Ўладзіміра Гілепа, старшыні Беларускага фонда культуры, прычыны адсутнасці мецэнацтва ў нашай краіне — у адсутнасці самаідэнтыфікацыі ў беларусаў:

Гілеп: “Для гэтага трэба адчуваць сабе чалавекам гэтай зямлі. І гістарычна адчуваць сябе беларусам. А ў нас, на жаль, вельмі шмат згублена для таго, каб мы ўсе сталі адзіным беларускім народам і адчувалі сабе патрыётамі беларускай зямлі”.

Як бы там ні было, аднак менш чым праз два гады Нясвіжскі палац адчыніць свае брамы для турыстаў. Таму толькі ад нас з Вамі, паважанае спадарства, залежыць, што мы ўбачым ў пакоях Радзівілаўскага палаца.

Фота: ng.by, belarus.by