Цела нямецкага пілота Гюнтэра Цымера крэміравалі на Паўночных могілках

Цела нямецкага пілота Гюнтэра Цымера, які разбіўся тыдзень таму на аэрадроме Баравая, 14 жніўня крэміравалі ў крэматорыі Паўночных могілак Мінску, паведамляе БелаПАН. На цырымоніі прысутнічалі сваякі Цымера, яго жонка, беларуска Ірына Гарэлышава, а таксама сябры пілота. Гюнтэр Цымер разбіўся 8 жніўня ў часе адкрытага Кубка СНД па верталётным спорце. Ён не здолеў выканаць “касую пятлю”. Эксперты адзначаюць, што была дапушчаная памылка пілатавання. Па факце гібелі нямецкага пілота, якому было 74 гады, Беларуская ваенная пракуратура распачала крымінальную справу.