Чаму школьны музей Быкава ва Ўкраіне лепшы, чым дзяржаўны ў Беларусі? (фота)

З дня адкрыцця беларускага дома-музея пісьменніка нічога не змянілася. Як не было вітрынаў і стэндаў, гэтак і няма. Экспанаты па-ранейшаму ляжаць на лавах і табурэтах Гэты год юбілейны – Васілю Быкаву споўнілася б 85. Да канца года сястра пісьменніка Валянціна Ўладзіміраўна спадзявалася, што мясцовыя ўлады ўпарадкуюць нарэшце дом-музей Быкава ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёна. У адбудаванай нанова хаце няма ніводнай вітрыны, экспанаты ляжаць на лавах і табурэтках. Нічога не змянілася і цяпер.

Затое Валянціна Ўладзіміраўна з трапятаннем паказвае лісты з Украіны. Там у вёсцы Вялікая Севярынка ёсць школьны музей Быкава, вуліца яго імя. Рэч у тым, што ў Севярынцы Быкаў быў паранены на вайне – і сваякам нават прыйшоў пахавальны ліст, а на абеліску пасля вайны імя Быкава напісалі як загінулага. Аднак пісьменнік выкараскаўся тады. Ягоная сястра згадвае, як у часе вайны сям’я атрымала пахавальны ліст.

Валянціна Быкава: Прачытала, што “ваш брат і сын лейтэнант Васіль Быкаў загінуў смерцю храбрых” і пахаваны ў вёсцы Вялікая Севярынка ва Ўкраіне, Кіраваградская вобласць.

А літаральна перад пахаванкай сваякі атрымалі ліст ад самога Васіля. Спраўдзілі даты – і ўздыхнулі з палёгкай: ліст быў напісаны ўжо пасля весткі пра “смерць храбрых”.
Да юбілею пісьменніка ў Вялікай Севярынцы прайшлі святочныя мерапрыемствы.

Валянціна Быкава: У школы ж грошай не было – збіралі ўсім светам, прадпрымальнікі ім дапамаглі. Трэба ж было абсталяваць пакой. Дык і настаўнікі рабілі, і вучні – пісалі пано, пра яго творчасць пісалі, пра аповесці.

Са святкаванняў вучні даслалі Валянціне Ўладзіміраўне шмат здымкаў: імпрэза, музей, віктарыны па творчасці Быкава. Тым часам у Бычках з дня адкрыцця дома-музея пісьменніка нічога не змянілася. Як не было вітрынаў і стэндаў, гэтак і няма. Пра гэта хвалюецца Антаніна Быкава, загадчыца музея, жонка роднага брата Васіля Быкава.

Антаніна Быкава: Нічога не змянілася – от хто кніжку дасць, хто карціну, хто з газеты якой выразку. Ні стэндаў няма, ні вітрынаў. Што на стале ляжыць, што я саставіла табурэткі ды рушніком накрыла… Як для хаты, дык асноўнае зрабілі. Але ж нарабілі разетак – казалі, стэнды будуць рабіць з падсветкай. Нічога пакуль няма…

Між іншым, нават сама хата адбудаваная недакладна. Мы з Валянцінай Уладзіміраўнай уваходзім у сенцы – і яна пачынае пералічваць “несупадзенні”.

Валянціна Быкава: Гэта сені былі, толькі падлога не такая была, а з зямлі. Столь ніжэйшая была, абы-якая, з дошак нейкіх. Тут во была на гарышча дзірка – і лесвіца стаяла. А тут яма была – свінням бульбу трымалі… Ложкі падобныя, але не тыя, што былі… Як рабілі, дык мох – і тое рэдка дзе клалі…

2009 год – юбілейны, Васілю Быкаву споўнілася б 85 гадоў. Аднак у ягоным доме-музеі ў Бычках дагэтуль няма ані стэндаў, ані вітрынаў. У адрозненне ад украінскай вёскі Вялікая Севярынка, дзе да юбілею пісьменніка быў створаны музей з цудоўнай экспазіцыяй.



Антаніна (злева) і Валянціна Быкавы



Святкаванні юбілею пісьменніка ў Вялікай Севярынцы.
Ніжэй -- здымкі, дасланыя Валянціне Быкавай вучнямі севярынкаўскай школы









Экспазіцыя ўкраінскага музею



Вучні ўпарадкуюць абеліск, дзе сярод загінулых на вайне ёсць імя Васіля Быкава



У музеі на сценах -- багата матэрыялаў пра пісьменніка



Асобная шафа -- кнігі Быкава на розных мовах



Ліст з Вялікай Севярынкі да Валянціны Быкавай



Крыжаванка, якую склалі ўкраінскія школьнікі паводле твораў Быкава



Дом-музей Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі



Інтэр'ер



Адзін з цэнтральных "экспанатаў" -- вогнетушыцель



З роднай хаты пісьменнік, выглядае, выходзіў выключна праз эвакуяцыйны выхад



Гэтыя фіраначкі Валянціна Быкава, як і пасля вайны, выразала з газеты. Сёння -- з "Народнай волі"



У музеі багата здымкаў, але на маленькім стале змясціўся толькі тузін



Затое білеты каштуюць вельмі танна



Стужка "Ганаровы грамадзянін Вушацкага раёна" і пасмяротны дыплом ад Чаргінца ляжаць на двух састаўленых табурэтках