Чаргінец: На Rammstein не хадзіў, але кажуць, што нічога страшнага не было

На канцэрце нямецкага гурта Rammstein 7 сакавіка ў “Мінск-Арэне” старшыня Грамадскага савета па маральнасці Мікалай Чаргінец не прысутнічаў. Але яму расказалі, што  нічога страшнага там не было. Пра гэта Чаргінец прызнаўся ў размове з Еўрарадыё. Мікалай Чаргінец: “Я не хадзіў на гэты канцэрт, але кажуць, што нічога страшнага там не было. Проста хацелася ў выходныя троху пабыць з сям’ёй, таму мы не планавалі ісці. Не планавалі не таму, што лічым яго дрэнным альбо добрым. Прыемна хадзіць на тое, што табе падабаецца, што ты ведаеш”.

А Rammstein, кажа пісьменнік, ён не ведае. Толькі ведае, што гэта цяжкі рок. А гэтая музыка, маўляў, яму не падабаецца.

У той жа час старшыня Грамадскага савета па маральнасці нагадаў, што за адмену канцэрту ён не выступаў. Гаворка, нібыта, ішла толькі пра тое, каб падчас выступу нямецкія рокеры не замахваліся на маральнасць беларусаў. А тое, што такая небяспека была, Чаргінец упэўнены.

Мікалай Чаргінец: “Мы не забаранялі – мы звярталіся да арганізатараў канцэрту, каб тыя выказалі асцярожнасць у той частцы, каб не было дапушчана на сцэне тых фактаў, якія ў нас маюцца ў выглядзе відэазапісаў. У мяне ляжаць плёнкі гэтыя. Там сапраўды абуральныя факты”.

І запрасіў карэспандэнта Еўрарадыё да сябе, каб той на ўласныя вочы пабачыў тыя факты, якія Rammstein у Мінску так і не паказалі.

Нагадаем, што напрыканцы лютага Грамадскі савет па маральнасці прыняў заяву, у якой сцвярджалася, што “рашэнне везці ў Мінск Rammstein - гэта памылка, якая можа нам дорага абыйсціся”. Пазней Мікалай Чаргінец патрабаваў ад арганізатараў, каб тыя да пачатку канцэрту арганізавалі папярэдні прагон будучага выступу. Падчас яго прадстаўнікі Савета і Мінкульта маглі б пабачыць, што маральнасці слухачоў нічога не пагражае.

Але як стала вядома Еўрарадыё, ніякага папярэдняга прагону канцэртнай праграмы не было.