Чавусаў: За Міхалевіча паручыліся сотні людзей, ім нічога не пагражае
За палітыка Алеся Міхалевіча, які нелегальна з'ехаў з Беларусі, паручыліся сотні людзей. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё паведаміў юрыст Юрый Чавусаў.
Еўрарадыё: Алесь Міхалевіч у сваім жывым блогу напісаў, што выехаў за мяжу. Раней бацькі аднакласніц яго старэйшай дачкі падпісвалі паручальніцтва за яго, што цяпер ім пагражае?
Чавусаў: "Справа ў тым, што падпісвалі хадайніцтва з просьбай адпусціць Алеся Міхалевіча пад паручальніцтва не толькі аднакласнікі дачкі, але і некалькі сотняў чалавек, якія прыходзілі на ўправу БНФ і падпісваліся за іншых палітвязняў таксама. Але вызваленне пад паручальніцтва — гэта зусім асобнае працэсуальнае дзеянне, якое ў дачыненні да Міхалевіча не было здзейсненна. Такім чынам, ён не быў вызваленны пад паручальніцтва. І для гэтых асобаў, якія падпісалі хадайніцтвы, канечне ж, ніякіх наступстваў не будзе".
Еўрарадыё: Алесь Міхалевіч быў вызвалены пад падпіску аб нявыяздзе?
Чавусаў: "Так, гэта асобны від вызвалення".
Еўрарадыё: Ці праз дзеянні Алеся Міхалевіча ўлады могуць спыніць практыку вызвалення людзей пад падпіску ад нявыездзе?
Чавусаў: "На жаль, мы зараз не ведаем, якія рашэнні рыхтуюцца ў асяроддзі гэтай следчай группы. Але я думаю, што "па шапцы" гэтыя следчыя, якія прымалі тое рашэнне, атрымаюць. І, адпаведна, верагоднасць прыняцця рашэння аб вызваленні да суда асобаў, якія праходзяць фігурантамі па справе 19-20 снежня, верагоднасць гэта памяншаецца. Памяншаецца верагоднасць, што адпусцяць, напрыклад, спадара Севярынца ці спадара Лябедзьку. Але мы не павінны ні ў якім разе ставіць гэта ў віну ці папракаць Міхалевіча гэтым. Бо тое, што ён выйшаў і распавёў пра тыя ўмовы, у якіх утрымліваюцца палітвязні ў СІЗА КДБ, гэта ўжо, я думаю, у вялікай ступені паўплывала, па-першае, на ўмовы ўтрымання, па-другое, на стаўленне да гэтых зняволеных".
Еўрарадыё: Апошнія прысуды былі мяккія ці ёсць верагоднасць, што вернецца практыка больш жорсткіх прысудаў?
Чавусаў: "Па-першае, юрыдычна такі механізм увогуле немагчымы, бо суд разглядае віну канкрэтнага чалавека, нават у сітуацыі, калі вядзецца групавы працэс. Гэта немагчыма. І я думаю, што ад'езд спадара Міхалевіча і парушэнне ім умоваў падпіскі аб нявыездзе не будзе ўплываць на судовыя прысуды. Тут будуць граць ролю фактары іншага парадку. У першую чаргу, замежна-палітычныя чыннікі і жорсткасць рэакцыі Еўразвязу і ўвогуле Захаду на гэтыя, нібыта, мяккія прысуды, якія насамрэч з'яўляюцца даволі суровымі".
Еўрарадыё: Як далей будзе развівацца сітуацыя з Міхалевічам, ён зараз будзе лічыцца ў вышуку?
Чавуcаў: "Думаю, што будзе нахабствам перадаваць у Інтэрпол звесткі на Міхалевіча, пра якога, я думаю, будзе вядома, дзе ён знаходзіцца. Не думаю, што ён сыйдзе ў цень, ён застанецца публічным палітыкам, падаваць у Інтэрпол на былога кандыдата ў прэзідэнты — гэта толькі пацвердзіць і пагоршыць тыя негатыўныя наступствы, якія ўвогуле ад усёй гэтай сітуацыі палітычных працэсаў ёсць для Беларусі і канкрэтна для беларускіх уладаў. Улады зараз будуць вырашаць, ці судзіць Міхалевіча ў яго адсутнасць, ці нейкім чынам, напрыклад, спыніць ягоную справу на падставе таго, што ён знаходзіцца па-за межамі дасягальнасці. Думаю, што варыянт "падвесіць" сітуацыю, вылучыць справу Міхалевіча ў асобую вытворцасць і прыпыніць яе ў сувязі з адсутнасцю падазраванага і абвінавачанага на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, справа фармальна будзе прыпынена, але спадар Міхалевіч будзе пазбаўлены магчымасці даказаць сваю невіноўнасць. Для гэтага яму трэба будзе вярнуцца ў Беларусь і, адназначна, будзе ўзбуджана справа яшчэ і за парушэнне ўмоваў аб падпісцы аб нявыездзе".
Еўрарадыё: Нейкія падобныя справы былі ўжо?
Чавусаў: "Выпадкі падобнага кшталту былі, напрыклад, у дачыненні да маладафронтаўцаў, якія праходзілі па артыкуле 193-1. Некаторыя з іх з'ехалі з краіны і былі асуджаныя завочна. Альбо ёсць іншая альтэрнатыва, не асуджаць іх завочна, а пакінуць справу ў прыпыненым стане. І ў дачыненні да Алеся Міхалевіча, як экс-кандыдата, гэта напэўна больш балючы сродак, бо гэта азначае выбіць яго з унутранай палітычнай арэны і паставіць у сітуацыю, што ў яго не будзе магчымасці ажыцяўляць актыўную палітычную дзейнасць у Беларусі. Вяртанне ў палітычнае жыццё для яго будзе азначаць амаль 100% вяртанне пад крымінальную адказнасць".
Фота — michalevic.org