Чэмпіёнка свету па каратэ ў "СБ" называе сваё затрыманне "непаразуменнем"

15-разовая чэмпіёнка свету па каратэ Святлана Вількіна надрукавала ліст у сённяшнім нумары газеты "СБ. Беларусь сегодня". Яна абвяргае ранейшую інфармацыю пра абставіны затрымання яе сям'і на плошчы Незалежнасці падчас разгону акцыі пратэсту. 
Нагадаем, інфармацыя пра затрыманне Вількінай, яе мужа і сына з'явілася ў СМІ 20 снежня. Са слоў яе сяброўкі Людмілы паведамлялася, што "сям’я не мела агрэсіўных намераў і выйшла на мірную дэманстрацыю". "У 23:30 ад яе паступіў тэлефонны званок, што ўся сям’я ў аўтазаку і іх вязуць у невядомым напрамку”, — распавядала сяброўка.  

Цяпер жа Вількіна піша на старонках "СБ", што яе знаёмая "паддалася паніцы", калі не магла да яе датэлефанавацца. У той жа час чэмпіёнка пацвярджае, што была затрыманая. 

"Лічу ўсё, што адбылося, поўным непаразуменнем, — піша Святлана Вількіна. — Я цікаўны чалавек, цікаўлюся сітуацыяй, але ў мяне няма падставаў далучацца да нейкіх рухаў. Лічу неабходным прыносіць карысць сваёй дзяржаве, свайму народу працай... Прашу не ствараць вакол мяне гвалта ў інтэрнэце з нагоды нібыта маіх выказванняў. Хачу працаваць і развівацца ў маёй краіне, з маім народам".