Цімашэнка заклікае дэмакратаў яднацца, Януковіч кажа пра адчай канкурэнткі

Кандыдат на пасаду прэзідэнта Ўкраіны Юлія Цімашэнка заяўляе аб гатоўнасці да перамоваў з усімі кандыдатамі ад дэмакратычных сілаў пра падтрымку яе кандыдатуры ў другім туры.  "З сённяшняга дня я адкрытая для перамоўнага працэсу, каб можна было рухацца далей аб'яднанымі дэмакратычнымі сіламі", — сказала Юлія Цімашэнка.

Паводле яе словаў, задача ўсіх дэмакратычных сілаў зрабіць так, каб лідэр Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч у другім туры не атрымаў ні на адзін голас больш.

Кандыдат у прэзідэнты падзякавала ўсім выбаршчыкам, якія аддалі за яе свае галасы. "Я разумею ўсіх выбаршчыкаў, якія ў першым туры галасавалі за ўсіх іншых дэмакратычных кандыдатаў. Мы зробім усё, каб далей дэмакратычныя сілы ішлі як маналітная сіла, якая будзе рухаць краіну да еўрапейскай цывілізацыі. Я разумею тых людзей, якія галасавалі за Цігіпку і Яцэнюка — яны хочуць пераменаў, і я змагу забяспечыць ім гэтыя змены ... Я разумею тых грамадзян Украіны, якія галасавалі за Юшчанку — яны хочуць, каб Украіна як незалежная дзяржава рухалася ў еўрапейскаму напрамку", — заявіла Юлія Цімашэнка.

У выбарчым штабе Юліі Цімашэнкі разлічваюць атрымаць пераканаўчую перамогу ў другім туры. Але галоўны яе апанент Віктар Януковіч расцаніў словы Юліі Цімашэнкі як адчай.

"Я ўбачыў, што яна ў роспачы... Для мяне гэта не дзіўна", — сказаў ён. На яго думку, яго галоўны палітычны апанент "як заўсёды разлічвала на тое, што ёй удасца ў чарговы раз нейкім чынам схіліць выбаршчыкаў на свой бок".

Віктар Януковіч лічыць, што памылка Юліі Цімашэнкі ды ўсёй "памаранчавай" каманды ў тым, што "ад выбараў да выбараў можна было абяцаць, думаючы, што выбаршчыкі не будуць памятаць гэтых абяцанняў. А людзі гэтага не забылі", — дадаў ён.