ЦВК Украіны зарэгістраваў больш за 1,5 тысяч назіральнікаў

Ва Ўкраіне за выбарамі прэзідэнта 17 студзеня будуць назіраць больш за 1,5 тысяч прадстаўнікоў іншых краінаў і міжнародных арганізацый. У прыватнасці, у Кіеў прыбудуць місіі назіральнікаў ад ПАСЕ, парламенцкіх асамблеяў АБСЕ і НАТО, Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў-удзельніц СНД, Еўрапейскай сеткі арганізацый па назіранні за выбарамі ENEMO. Зарэгістраваныя назіральнікі з Беларусі, Эстоніі, Венгрыі, 30 назіральнікаў накіруе ва Ўкраіну Грузія. Усяго за тыдзень да выбараў ва ўкраінскім ЦВК зарэгістраваўся 1.583 назіральнік.

Дэлегацыя ПАСЕ, якая наведала Ўкраіну з перадвыбарнай місіяй, адзначыла "у цэлым вольную і спаборніцкую атмасферу", а таксама паляпшэнне сітуацыі са свабодай СМІ. Пры гэтым еўрапарламентары выказалі занепакоенасць паніжэннем даверу электарата да палітыкі і моцнай узаемасувяззю паміж палітычнымі і фінансавымі элітамі. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе дэлегацыі ПАСЕ, на які спасылаецца сайт “Deutsche Welle”.