Да замежнікаў, якія перасякаюць мяжу РФ і Беларусі, могуць ужыць санкцыі
Да замежнікаў, якія перасякаюць мяжу РФ і Беларусі, могуць ужыць санкцыі ў адпаведнасці з расійскім закандаўствам. Такую заяву афіцыйнай прадстаўніцы МЗС Расіі Марыі Захаравай перадае ria.ru. Яна патлумачыла гэтую меру тым, што на беларуска-расійскай мяжы няма міжнародных пунктаў пропуску.
Прадстаўніца МЗС нагадала, што цягам многіх гадоў замежныя грамадзяне праязджалі беларуску-расійскую мяжу без перашкодаў. "Гістарычна так склалася, што на хвалі інтэграцыйнага збліжэння РФ і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы пытанне аб абсталяванні расійска-беларускай мяжы не ўздымалася. Аднак цяпер сітуацыя ў свеце кардынальна змянілася, рэзка ўзраслі рызыкі, звязаныя з тэрарыстычнымі, міграцыйнымі пытаннямі", — патлумачыла Захарава.
Яна дадала, што на гэтай мяжы расійскія кампетэнтныя органы рэгулярна затрымлівалі асобаў, якія не мелі падставаў для ўезду ў Расію і ўяўлялі пагрозу бяспецы.
Захарава адзначыла, што згодна з законам праезд замежнікаў у Расію дазволены толькі праз міжнародныя пункты пропуску. На расійска-беларускай мяжы такіх пунктаў няма, таму не вядзецца памежны кантроль людзей і транспарту. "Такім чынам, падставаў для перасячэння расійска-беларускай дзяржмяжы грамадзянамі трэціх краін не маецца. Да парушальнікаў могуць ужывацца санкцыі ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам", — папярэдзіла прадстаўніца МЗС.
Грамадзяне Беларусі і Расіі па-ранейшаму змогуць бесперашкодна перасякаць мяжу.
Паведамленні пра тое, што замежныя грамадзяне не могуць праехаць праз беларуска-расійскую мяжу сталі з'яўляцца з другой паловы лета 2016 года.