Дэкан філфака БДУ адмаўляе, што заклікаў студэнтаў галасаваць датэрмінова

Студэнты мінскіх ВНУ працягваюць скардзіцца, што іх прымушаюць галасаваць датэрмінова. Пра гэта Еўрарадыё распавёў актывіст кампаніі “Студэнт! Абарані свой голас!” Віктар Тэрэз. Па яго словах, студэнты са скаргамі тэлефануюць кожны дзень. 
Тэрэз: “Учора тэлефанавалі 2 хлопцы з БНТУ з аднаго і таго ж інтэрнату і з аднаго факультэту. І там адміністратар інтэрнэт-рассылкі напісаў, што дэкан ім загадвае прагаласаваць. Хто не прагаласуе — таго выключаюць з інтэрнату, а ў пяцікурснікаў будуць праблемы з размеркаваннем”.

Цярэз дадаў, што яшчэ тэлефанавала студэнтка філалагічнага факультэта БДУ. Маўляў, дэкан сабраў ўсіх першакурснікаў і настойліва заклікаў прагаласаваць. Дэкан філалагічнага факультэта БДУ Іван Роўда паведаміў Еўрарадыё, што ніводнага першакурсніка "за апошнія дні не бачыў" і нікога не заклікаў галасаваць датэрмінова.