Для падарожжа па Аўгустоўскім канале замежніку трэба сабраць 15 подпісаў

Замежны турыст падчас падарожжа па Аўгустоўскім канале праз тэрыторыю Беларусі з Польшчы ў Літву павінен завізіраваць ад 12 да 15 дакументаў, прадугледжаных рознымі ведамствамі нашай краіны.
Пра гэта сёння паведаміў дырэктар турыстычнага агенцтва "Нёмнава тур" Сяргей Каляда. Ён распавёў, што яго фірма распрацавала тры турыстычныя маршруты ў зоне беларускай часткі Аўгустоўскага канала для замежных і беларускіх турыстаў.

Супрацоўнікі кампаніі паспрабавалі арганізаваць падарожжа ў поўнай адпаведнасці з дзеючымі нормамі і правіламі.

У выніку высветлілася, што замежнаму турысту для таго, каб праехацца па беларускай частцы Аўгустоўскага канала з Польшчы ў Літву, трэба паставіць свой подпіс на ваўчарах, дамовах, у Кнізе па тэхніцы бяспекі і іншых дакументах, агульная колькасць якіх даходзіць да 15.

Па словах Каляды, бюракратычнае нагрувашчванне патрабаванняў розных ведамстваў стварае перашкоды для прыцягнення замежнікаў у турыстычную зону.

БелТА