Дырэктар сталічнай фірмы недаплаціў падаткаў больш як на мільярд рублёў

Дырэктар сталічнай фірмы, якая займалася купляй-продажам канцтавараў і паперы, асуджаны за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
Як паведамляе БелаПАН, 42-гадовы жыхар сталіцы за чатыры гады недаплаціў у бюджэт падаткаў на 1 млрд 172 млн рублёў. Пры гандлёвых аперацыях у дакументах ён адлюстроўваў мінімальна магчымую выручку, уносячы ў іх такім чынам заведама фальшывыя звесткі.

Нанесеную дзяржаве шкоду бізнэсовец пакрыў цалкам. Прычым вялікую частку выплат (каля 890 млн рублёў) ён зрабіў падчас судовага разгляду. Таму суд прызначыў яму мінімальнае пакаранне: два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.