Дзякуючы намаганням групы жанчын выйшаў на свабоду Яўген Мірановіч

Дзякуючы намаганням групы жанчын з калоніі строгага рэжыму датэрмінова вызвалены жыхар Жодзіна Яўген Мірановіч, паведаміла БелаПАН юрыст Тамара Сяргей.

Паводле яе слоў, у 2001 годзе 37-гадовы Мірановіч быў прыгавораны Мінскім абласным судом да 30 гадоў пазбаўлення волі за разбой і забойства.

"Маці асуджанага Ніна Мірановіч не сумнявалася ў невінаватасці сына і на працягу шасць гадоў безвынікова спрабавала аднавіць справядлівасць, звяртаючыся ва ўсе інстанцыі суда і пракуратуры"— адзначыла Сяргей.

"Толькі ў 2010 годзе за недаказанасцю ўдзелу Мірановіча з яго было знята абвінавачанне ў разбоі; асуджаны быў прызнаны вінаватым у забойстве без абцяжарваючых акалічнасцей. У выніку разам з дзвюма амністыямі тэрмін пакарання Мірановіча скараціўся на 15 гадоў", — паведаміла юрыст.

Разам з тым, мяркуе яна, Вярхоўны суд абавязаны быў прызнаць незаконнасць і неабгрунтаванасць судовых рашэнняў у дачыненні да Мірановіча, паколькі ў абвінавачвальным прыгаворы і матэрыялах справы адсутнічалі доказы яго віны. "Аднак Вярхоўны суд спужаўся адказнасці за тое, што на працягу многіх гадоў даваў фармальныя адпіскі, а не разглядаў па законе скаргі асуджанага і яго адваката", — лічыць юрыст.