Дзярждэпартамент ЗША выступіў з заявай у сувязі з прысудам Парфянкову

Дзярждэпартамент ЗША выступіў з заявай у сувязі з пачаткам судовых працэсаў над удзельнікамі паслявыбарчай акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску.

"Злучаныя Штаты выказваюць глыбокае шкадаванне ў сувязі з тым, што ўрад Беларусі распачаў першы судовы працэс над затрыманымі за ўдзел у пратэсце 19 снежня. Мы і многія іншыя ў міжнароднай супольнасці заклікалі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх затрыманых і настойваем на спыненні пераследу грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і палітычнай апазіцыі. І мы паўтараем гэты заклік сёння", – заявіў на брыфінгу ў Вашынгтоне намеснік афіцыйнага прадстаўніка дзярждэпартаменту Марк Тонер, паведамляе руская служба навін "Голас Амерыкі".

Нагадаем, удзельніка падзей Плошчы Васіля Парфянкова ўчора асудзілі на 4 гады строгага рэжыму. Акрамя таго, ён павінен выплаціць больш за 14 мільёнаў рублёў за разбітыя дзверы ў Доме ўрада падчас Плошчы. Справу Парфянкова разгледзелі за дзень. Парфянкоў прызнаў віну часткова — толькі тое, што ён браў удзел у мірнай акцыі на Плошчы 19 снежня.

фота: novostink.ru

novostink.runovostink.ru