Дзяржкантроль пачаў 59 крымінальных справаў на карупцыянераў

Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю (КДК) распачаў 59 крымінальных спраў на службовых асоб. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце "Комсомольская правда" в Беларуси" паведаміў дырэктар дэпартамента Сяргей Бараноўскі. Ён адзначыў, што як правіла, эканамічныя злачынствы ў той або іншай ступені звязаныя з карупцыяй. У 2007 г., напрыклад, было распачата 225 крымінальных справаў карупцыйнай скіраванасці.

Акрамя таго, КДК правёў праверку дамоў так званай падвышанай камфортнасці, плошча якіх перавышае 500 квадратных метраў. Усяго было праверана 145 катэджаў, у 105 выпадках налічаны падаходны падатак. У выніку бюджэт атрымаў больш за 157 млн. рублёў, 17 грамадзян прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Кіраўнік дэпартамента паведаміў, што іолькі са студзеня па красавік гэтага года органы фінансавых расследаванняў прынеслі ў бюджэт 74,9 млрд. рублёў — гэта амаль на 8 млрд. больш, чым за такі ж перыяд год таму.