Дзяўчына, прайграўшы ўсе грошы ў казіно, накінулася з нажом на ахоўніка

Наведвальніца мінскага казіно, прайграўшы ўсе грошы, з нажом накінулася на ахоўніка, паведамляе агенцтва “Мінск-навіны”.
Інцыдэнт адбыўся ў сталічным "Данькаў-клубе". Як паведаміў начальнік службы бяспекі забаўляльнага цэнтра Аляксандр Патапчык, яна была сталай наведвальніцай казіно, прычым нярэдка пакідала значныя сумы.

Так здарылася і гэтым разам. Прайграўшы ўсе грошы, п’яная дзяўчына пачала скандаліць. Ахоўніку давялося ўжыць сілу. Дзяўчыну вывелі з клуба. Аднак аматарка казіно дастала нож, накінулася на ахоўніка і ўдарыла яго ў жывот. Затым у ход пайшлі зубы, ногі, кулакі… Агульнымі намаганнямі дзяўчыну ўдалося ўціхамірыць.