Экс-кандыдаты, якія застаюцца на волі, думаюць пра новую партыю і выбары

Еўрарадыё пацікавілася, што сёння робяць экс-прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта і ці плануюць яны надалей займацца палітыкай.
Прайшоў месяц пасля выбараў. Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца ў экс-кандыдатаў у прэзідэнты, якія засталіся на волі, ці плануюць яны надалей займацца палітыкай.

Віктар Цярэшчанка расставацца з палітыкай не хоча і цяпер збіраецца стварыць уласную партыю. Паводле яго словаў, гэта будзе аналаг “Беларускай народнай партыі”, якая пад кіраўніцтвам Цярэшчанкі праіснавала з 1994 па 2000 год. Гэта будзе першым крокам да ўдзелу ў будучых парламенцкіх выбарах, адзначае палітык.

Віктар Цярэшчанка: “Думаю над стварэннем партыі. Палітычнай дзейнасцю буду займацца. Шэсць гадоў я быў старшынёй "Беларускай народнай партыі". Тады яна не спадабалася, яе зачынілі. Я хачу яе ўзнавіць. Мы разлічваем да вясны выйсці на рэгістрацыю гэтай партыі”.

У прэзідэнцкай выбарчай кампаніі Віктар Цярэшчанка бачыць і пазітыўныя рэчы. На думку палітыка, яму ўдалося данесці да людзей сваю праграму.

Дзмітрый Ус працуе ў выдавецтве “Трывіюм”. Але ад палітыкі былы кандыдат пакуль адмяжоўвацца не збіраецца. Магчыма, ён таксама паўдзельнічае ў будучых парламенцкіх выбарах.

Дзмітрый Ус: “Праз паўтара года выбары ў Нацыянальны сход. Выбаршчыкі той акругі, дзе я быў дэпутатам, мяне абяруць. Іншы момант — як камісіі будуць лічыць. Што людзі вылучаць і абяруць — гэта стоадсоткава”.

Сярод дасягненняў у гэтай выбарчай кампаніі палітык адзначае тое, што давялося адкрыць людзям вочы на праўду.

Эканаміст Яраслаў Раманчук называе сваю выбарчую кампанію досыць удалай і запэўнівае, што яе тэзамі цяпер карыстаюцца ўлады.

Яраслаў Раманчук: “Тое, што я сёння чую і ад Мясніковіча, і ад Лукашэнкі, — гэта, па сутнасці, спроба рэалізаваць маю праграму. Нам трэба ісці на парламенцкія выбары, размаўляць з людзьмі, і толькі гэта шанец на дыялог, які прывядзе да рэформ у нашай краіне”.

Раманчук адзначае, што ўхіл варта рабіць на палітыку дыялогу. Маўляў, іншай альтэрнатывы няма. Паводле былога кандыдата, ён працягвае займацца палітычнай дзейнасцю ў АГП: кантактуе з міжнароднай супольнасцю, а таксама аказвае актыўную падтрымку іншым сябрам партыі.

Праўда, старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч адзначае, што Раманчук у партыі не выконвае ніякіх абавязкаў, хоць пакуль і з’яўляецца яго намеснікам.

Іншы экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў цяпер знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Ён падазраваны па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня. Нягледзячы на цяжкасці, Кастусёў адзначае і пазітыўныя моманты выбарчай кампаніі: Партыю БНФ цяпер пачалі ўспрымаць як сур’ёзную палітычную сілу.

Рыгор Кастусёў: “Знаходзяцца людзі, якія не баяцца пісаць заявы і ўступаць у партыю. Самае пазітыўнае, што Партыю БНФ пачалі ўспрымаць больш сур’ёзна. Няўдзел у выбарах у мінулых гадах трошку панізіў рэйтынг”.

Лідар незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі з палітыкі сыходзіць не плануе. Аднак яго дзейнасць абцяжараная крымінальнай справай аб масавых беспарадках, па якой былы кандыдат праходзіць як абвінавачаны.

Нагадаем, яшчэ чацвёра былых кандыдатаў у прэзідэнты — Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Алесь Міхалевіч і Мікола Статкевіч — цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Іх, як і Рымашэўскага, вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня.