ЕС заклікае не прызнаваць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі

Еўрасаюз рашуча асуджае аднабаковае прызнанне Расіяй незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай прэс-службай Савета ЕС дэкларацыі экстранага саміта Еўрасаюза.
"Дадзенае рашэнне непрымальнае, і Еўрапейскі саюз заклікае іншыя краіны не прызнаваць гэтую самаабвешчаную незалежнасць", - гаворыцца ў дакуменце.

У дэкларацыі таксама адзначаецца, што кіраўнікі дзяржаваў-сяброў ЕС прынялі рашэнне адкласці пачатак перамоваў з Расіяй па заключэнні новага пагаднення аб партнёрстве.

"Да таго часу пакуль [расійскія] войскі не вернуцца на тыя пазіцыі, якія яны займалі да 7 жніўня, перамовы па новым пагадненні будуць адкладзеныя", - падкрэсліваецца ў дэкларацыі.

Як адзначае БелаПАН, лідэры ЕС заявілі, што крызіс у Грузіі паказаў неабходнасць актывізаваць высілкі па дывэрсіфікацыі крыніцаў энергіі, каб знізіць залежнасць ад расійскіх паставак. Таксама ЕС мае намер актывізаваць адносіны з суседзямі на ўсходзе.