Эстафетная галадоўка да другой гадавіны намётавага мястэчка

Паплечнікі Аляксандра Казуліна заклікалі да эстафетнай галадоўкі з 20 сакавіка. Гэтая акцыя прымеркаваная да другой гадавіны намётавага мястэчка, якое паўстала ў сакавіку 2006 года на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Галоўнае патрабаванне галадоўцаў – не толькі вызваленне палітвязняў Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча, але і спыненне крымінальнага пераследу дэмакратычных актывістаў у Беларусі.

Нагадаем, з 10 сакавіка абвясцілі галадоўку Сяргей і Аляксандр Скрабцы, да іх пазней далучыліся грамадскі актывіст Сяргей Галаганюк і былы начальнік следчага ізалятара ГУУС Мінгарвыканкаму Алег Алкаеў. З 20 сакавіка да галадоўкі маюць намер далучыцца намеснік старшыні БСДП Ігар Рынкевіч, лідэр сацыял-дэмакратычнай моладзі Алесь Стральцоў, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і актывістка ліквідаванай Беларускай партыі працы Таццяна Ваніна, паведамляе прэс-служба Аляксандра Казуліна.