Еўрапарламент ухваліў уваходжанне 9 новых членаў ЕС у зону Шэнгена

Еўрапарламент ухваліў уваходжанне ў Шэнгенскую зону дзевяці з дзесяці, якія сталі членамі Еўрасаюза ў траўні 2004 года. Чэхія, Венгрыя, Мальта, Польшча, Славакія, Славенія, Эстонія, Латвія і Літва падлучыліся з 1 верасня да Шэнгенскай інфармсістэмы. Усе дзевяць краін паспяхова ўкаранілі абсталяванне, неабходнае для ўваходжання ў цэнтральную базу дадзеных Шэнгена, якая змяшчае інфармацыю для паліцыянтаў і памежных уладаў. Толькі Кіпр пакуль не выканаў неабходных умоў Еўракамісіі, паведамляе РИА Новости.

Плануецца, што шэнгенскія візы для беларусаў будуць каштаваць 60 еўра, у той час, як для грамадзянаў Украіны — 35 еўра. Як адзначаюць еўрапейскія палітыкі, беларускія ўлады ў адрозненне ад украінскіх пакуль не зрабілі ніводнага кроку дзеля змяншэння кошту віз.

Тым не менш, для беларусаў і ўкраінцаў могуць выдавацца нацыянальныя візы Літвы, Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі. Такое рашэнне гэтыя краіны прынялі яшчэ ў верасні, аднак дагэтуль яно не набыло моц.