Еўрапейскія донары: дапамога беларускім дэмакратам будзе максімальнай
Але грошы павінны ісці на справы, а не на "палітычны турызм".
Еўрарадыё публікуе ўрыўкі з выступаў удзельнікаў міжнароднай канферэнцыі донараў, якая сабрала прадстаўнікоў з больш чым 40 краінаў свету.
У канферэнцыі донараў у Варшаве ўзялі ўдзел прадстаўнікі амаль 40 дзяржаваў-сябраў Еўрасаюзу, а таксама ЗША, Канады, Харватыі, Нарвегіі і Украіны. Францыя выказала гатовасць прыняць у свае ўніверсітэты адлічаных з беларускіх ВНУ студэнтаў. Дагэтуль такую падтрымку праз стыпендыю імя Каліноўскага аказвала толькі Польшча.
"Сэрца кожнага з прысутных з нашымі братамі-беларусамі". Такой прамовай адкрыў міжнародную канферэнцыю донараў “Салідарныя з Беларуссю” міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Не шкадаваў ён і моцных словаў і ў дачыненні да ўладаў Беларусі.
Радаслаў Сікорскі: "Мы не можам маўчаць, калі ў Беларусі груба парушаюць правы чалавека. Я хачу звярнуцца непасрэдна да Аляксандра Лукашэнкі і ўсё меншага кола ягоных паплечнікаў: Шаноўныя, вы прайграеце! Калі вы не бачылі гэтага ў снежні, то зараз, пасля падзеяў у Тунісе ды Егіпце, гэта відавочна. Раней ці пазней вы будзеце вымушаныя ўцякаць ад уласных грамадзянаў. У Мінску таксама варта трымаць самалёт, гатовы да экстраннага вылету ў любую хвіліну".
Але апроч паслання ўладам з’езд донараў у Варшаве меў пасыл для грамадзянскай супольнасці Беларусі: “Вы не адны, вы маеце падтрымку”. Прысутныя на ёй апазіцыйныя палітыкі, у сваю чаргу, выказалі надзею, што палітыка краін Еўразвязу ў дачыненні да нашай краіны стане больш выразнай.
Гаворыць Аляксей Янукевіч, старшыня партыі БНФ: "Я лічу, што сама канферэнцыя — вельмі добры факт. Гэта добры пачатак для таго, каб пазіцыя еўрапейскіх краінаў у дачыненні да беларусаў была кансалідаваная, як і пазіцыя тых, хто аказвае дапамогу розным суб’ектам беларускага грамадства. І каб урэшце паўстала нейкая ясная стратэгія з боку краінаў Еўрасаюзу – чаго ў выніку яны хочуць дамагчыся ў Беларусі”.
Гаворыць Аляксей Янукевіч, старшыня партыі БНФ: "Я лічу, што сама канферэнцыя — вельмі добры факт. Гэта добры пачатак для таго, каб пазіцыя еўрапейскіх краінаў у дачыненні да беларусаў была кансалідаваная, як і пазіцыя тых, хто аказвае дапамогу розным суб’ектам беларускага грамадства. І каб урэшце паўстала нейкая ясная стратэгія з боку краінаў Еўрасаюзу – чаго ў выніку яны хочуць дамагчыся ў Беларусі”.
Аляксандр Мілінкевіч: “Калі пачыналася праграма Каліноўскага, то шмат хто казаў, што “вось, самыя лепшыя, самыя смелыя і таленавітыя павыязджаюць – а хто ж тут будзе рэвалюцыю рабіць?”. Але ёсць прыклады іншых краінаў, той жа Польшчы: вялізарная колькасць маладых з’ехала у часы Салідарнасці. А потым большасць вярнулася. Таму і ў нас так будзе – гэта непазбежны працэс. Але набіраюцца досведу, і нават калі застануцца, то будуць нашымі “агентамі ўплыву” ў гэтых краінах”.
Еўракамісар па вонкавых сувязях і палітыцы добрасуседства заявіў пра павелічэнне дапамогі Еўракамісіі грамадзянскай супольнасці Беларусі ў 4 разы (яна мае скласці цяпер 15,6 мільёнаў еўраў). Паводле Радаслава Сікорскага, агулам дапамога Еўропы для Беларусі складзе 87 мільёнаў еўра.
Марка Буцьку, кіраўніка польскага недзяржаўнага фонду “Свабода і дэмакратыя”, які супрацоўнічае з трэцім сектарам Беларусі, гэтыя сумы не ўражваюць.
Марэк Буцька: “Напэўна, гэта не тыя сумы, якія маглі б выразна змяніць сітуацыю грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Тым не менш, добра, што такія дэкларацыі ёсць. Праблема, напэўна, як заўжды, будзе хавацца ў дробязях: на якія праекты гэтыя грошы будуць выдаткоўвацца і ці ўсе гэтыя грошы трапяць непасрэдна ў Беларусь?”.
Бо, на думку Марка Буцькі, з практыкі папярэдніх гадоў вынікае, што істотная колькасць грошай, прызначаных на падтрымку грамадзянскай супольнасці ў нашай краіне, была змарнаваная яшчэ на шляху ў Беларусь – на розныя семінары, канферэнцыі ды курсы для людзей, якія стала займаюцца “палітычным турызмам”.
Фота: Радыё "Свабода"
Фота: Радыё "Свабода"