Еўрарадыё дапаможа ААН сабраць 100 цікавых фактаў пра беларускіх жанчын

Сёлета Міжнародны жаночы дзень адзначаць у соты раз. Фонд ААН у вобласці народанасельніцтва (ЮНФПА) вырашыў правесці акцыю: "Гэта могуць быць цікавыя лічбы дэмаграфічнай статыстыкі, становішча на рынку працы, у культуры, уладзе, спорце, сям’і. Гаворка ідзе пра факты, што тычацца любой сферы жыцця беларускіх жанчын", — тлумачыць прадстаўніца ЮНФПА ў Беларусі Вольга Беларусава.

Да акцыі можа далучыцца кожны жадаючы. Галоўнае, каб факты мелі дакументальнае пацверджанне і былі зразумелымі і лёгка запамінальнымі. Пакідайце свае цікавосткі ў каментарах да гэтай навіны: Еўрарадыё перадаць іх ЮНФПА, і яны будуць апублікаваныя разам з іншымі фактамі пра беларускіх жанчын.

Як паведаміла Вольга Беларусава, 100 цікавостак пра беларускіх жанчын з’явяцца на сайце ЮНФПА ў Беларусі 9 сакавіка. Але ўжо зараз там можна прачытаць, напрыклад, што ў Беларусі ўсяго адна жанчына-міністр, хоць 55 % працуючых жанчын маюць вышэйшую адукацыю (сярод працаўнікоў-мужчын гэты паказчык — 38%). І ў заробках беларускія жанчыны пакрыўджаныя: яны атрымліваюць у сярэднім 305 долараў у месяц, у той час як узнагарода за працу польскай жанчыны складае 1078 долараў.