Гадаванцаў Мінскай музвучэльні пужалі Кастрычніцкай плошчай і "вылетам"

Чарговы Дзень інфармавання, які праходзіць у Мінскай дзяржаўнай музычнай вучэльні імя Глінкі кожную сераду, быў прысвечаны блізкім прэзідэнцкім выбарам. 15 снежня да навучэнцаў звярнулася дырэктар установы Наталля Яфіменка. Яна заклікала “па магчымасці прагаласаваць датэрмінова” ўсіх навучэнцаў, якім вучэльня рабіла рэгістрацыю ў Мінску. Асабліва гэта тычыцца тых, хто ў дзень выбараў будзе ўдзельнічаць у разнастайных канцэртах і афіцыйных мерапрыемствах. Тым, хто ў такіх мерапрыемствах не ўдзельнічае, таксама пажадана зрабіць гэта датэрмінова, сказала дырэктар музвучэльні.

Дарэчы, большасць навучэнцаў — гэта падлеткі, якія паступілі пасля 9 класаў на аснове базавай адукацыі. Таму ці не палова гадаванцаў яшчэ папросту не мае выбарчага права.

Наталля Яфіменка таксама нагадала пра тое, што апазіцыйныя палітыкі неаднаразова заклікалі людзей прыйсці на Кастрычніцкую плошчу 19 снежня а 20-й. “Плошча — гэта ваша права, — сказала спн.Яфіменка. — Але перш, чым вы выйдзеце туды, падумайце”. Кіраўніца навучальнай установы падкрэсліла, што адным неасцярожным крокам можна перавярнуць усё сваё жыццё. Яна дала зразумець, што ўдзел у апазіцыйнай акцыі на Плошчы можа абярнуцца “вылетам з вучэльні”.

Пры гэтым падставай для такога рашэння могуць стаць матэрыялы аператыўнай фота- і відэаздымкі з Плошчы. Паводле дырэктаркі вучэльні, 30% удзельнікаў акцыі — гэта праваахоўнікі ў цывільным і менавіта яны будуць пільнаваць іншых людзей на падыходзе да Плошчы. Калі яны перададуць у вучэльню відэаматэрыялы, на якіх будуць тутэйшыя гадаванцы, то “ніякія вашы слёзы і ўгаворы бацькоў не дапамогуць”, сказала дырэктар.