Генпракурор: Вязні КДБ не скардзіліся пра немагчымасць сустрэч з адвакатамі

Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч у чарговы раз заявіў, што, нібыта, у затрыманых, якія знаходзяцца ў СІЗА КДБ, няма скаргаў на немагчымасць сустрэцца з адвакатамі. Па словах генпракурора, яго падначаленыя праводзілі адпаведную праверку 31 снежня і 24 студзеня, і не атрымалі ніводнай ні вуснай, ні пісьмовай скаргі. У тым ліку і ад тых экс-кандыдатаў у прэзідэнты, якія не бачылі сваіх адвакатаў ад 27 снежня.
Рыгор Васілевіч: "З боку тых, хто знаходзіцца ў следчым ізалятары, не было выказана прэтэнзій на той конт, што няма магчымасці сустрэцца з адвакатам. Я нават пачаў высвятляць: можа ёсць пісьмовыя заявы ад іх на гэты конт. Можа ёсць адмова аб прадастаўленні сустрэч з адвакатам — тады можна абскардзіць гэтую адмову і ў судовым парадку. Я накіраваў ліст старшыні КДБ, каб былі прынятыя меры арганізацыйнага характара, калі ёсць неабходнасць у такіх сустрэчах".

А ў якасці сведкі праўдзівасці сваіх слоў Рыгор Васілевіч прадставіў журналістам супрацоўніка Генпракуратуры Андрэя Пусташылу, які і наведваў з праверкай СІЗА КДБ. Ён пацвердзіў, што скаргаў ад экс-кандыдатаў і іншых зняволеных не паступала. Нават, кажа, былі падзякі ў бок адміністрацыі СІЗА. Праўда, хто канкрэтна дзякаваў і за што — не ўдакладніў. А сам Васілевіч ухіліўся ад адказу на пытанне: ці пыталіся ў затрыманых наконт скаргаў пра немагчымасць сустрэцца з адвакатам, ці адмяжоўваліся пытаннямі пра ўмовы ўтрымання.