Гомельская міліцыя вызначыла асобу нападніка на зборшчыкаў подпісаў

Аддзел унутраных справаў Цэнтральнага раёна Гомеля вызначыў асобу  хулігана, які напаў на пікет па зборы подпісаў за вылучэнне трох апазіцыйных кандыдатаў. Крымінальную справу на яго заводзіць не будуць, але прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці, паведамляе БелаПАН. Напад на пікет па зборы подпісаў за Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева і Мікалая Статкевіча адбыўся 17 кастрычніка. Да пікету падышлі трое п’яных мужчынаў, сталі абражаць зборшчыкаў подпісаў і нецэнзурна лаяцца. Адзін з іх палез у бойку, штурхнуў жанчыну, якая збірала подпісы, біў яе па нагах. Зборшчыкі подпісаў самі затрымалі хулігана і перадалі яго міліцыі.

Затрыманы пры дачы паказанняў сваю віну не прызнаў, але заявіў, што да здарэння выпіў з сябрамі тры пляшкі гарэлкі. Ён проста праходзіў паўз пікет, нікога не чапаў і не абражаў, а зборшчыкі подпісаў нібыта самі на яго накінуліся.