Гомельскія даішнікі развозілі малако па крамах замест п'янага кіроўцы

Даішнікі спынілі ў цэнтры Гомеля грузавую "газель", якая падазрона віляла па дарозе. Адразу стала відавочна, што кіроўца нецвярозы, а экспертыза вызначыла ў крыві каля 1 праміле алкаголю. У кузаве вялікая колькасць малака ў пакетах — кіроўца сельскагаспадарчага камбіната "Ляскавічы" Петрыкаўскага раёна вёз прадукцыю ў абласны цэнтр, паведамляе газета "Рэспубліка". Калі паставіць машыну на штрафстаянку, як і належыць у такіх сітуацыях, — малако скісне. Таму камандзір батальёна Аляксандр Мельнікаў прыняў нестандартнае рашэнне — аддаў загад развезці тавар па крамах. Пасадзіўшы п'янага кіроўцу на пасажырскае сядзенне, спачатку адзін інспектар аб'ехаў некалькі гандлёвых кропак, затым яго змяніў калега. Усе дзевяць крамаў атрымалі малако своечасова.