Грамадзянін Турцыі выкраў у беларусаў больш за 500 мільёнаў рублёў

Махляром у асабліва буйным памеры прызналі 41-гадовага грамадзяніна Турцыі, піша БелаПАН. У беларускай сталіцы замежнік прадстаўляўся заможным мінчукам як Джоні. Новым прыяцелям і прыяцелькам ён маляўніча апісваў свае незлічоныя багацці і нерухомасць у Турцыі, Нямеччыне ды Іспаніі. Абяцаў пачаць ігральны бізнэс у Беларусі.

Ён перыядычна займаў грошы. Спачатку ашуканец вяртаў пазычаныя сумы ў тэрмін, аднак затым перастаў гэта рабіць. Атрыманыя "крэдыты" адразу прайграваў у казіно. Калі ахвяры арганізаванай туркам афёры забілі трывогу, ад занятых амаль 525 мільёнаў рублёў нічога не засталося.