Грамадзяніна Нідэрландаў будуць судзіць за забойства яго беларускай жонкі

Грамадзянін Нідэрландаў, якога падазраюць у забойстве сваёй жонкі, 26-гадовай беларускі Кацярыны Хоняк, арыштаваны галандскімі праваахоўнікамі. 39-гадовага Роберта Яна Брокеля затрымалі на падставе вынікаў расследавання справы аб гэтым забойстве. Чакаецца, што суд над ім пачнецца на гэтым тыдні. Роберт Ян Брокель сваю віну адмаўляе. Упершыню яго затрымалі па падазрэнні ў забойстве жонкі ў лютым 2008 года. У траўні таго ж года яго вызвалілі па рашэнні пракуратуры, аднак праваахоўнікі з Бельгіі і Нідэрландаў працягнулі расследаванне, паведамляе БелаПАН.  

Беларуска Кацярына Хоняк і Роберт Ян Брокель былі знаёмыя ад 2001 года. Хоняк працавала ў бельгійскім Антверпене ў адным з публічных дамоў, а Брокель быў яе кліентам. У ліпені 2007 года беларускія сваякі звярнуліся з заявай аб знікненні жанчыны ў Маскоўскі РУЎС Мінску. Яе парэшткі знайшлі ў доме ў галандскім горадзе Баарле-Насаў, дзе жанчына жыла разам з мужам і дачкой. Цела знаходзілася ў скрыні, было залітае будаўнічай сумессю і змешчанае пад падлогай пад ложкам чатырохгадовай дачкі сужэнцаў.