Гродзенцам на дзень прапануюць стаць савецкім салдатам і польскім жаўнерам
19 верасня, у гадавіну заняцця Гродна Чырвонай Арміяй, гісторыкі правядуць інтэрактыўную экскурсію па мясцінах гэтай падзеі.
Андрэй Чарнякевіч і Андрэй Вашкевіч прапануюць паглядзець на верасень 1939 года вачыма тагачасных жыхароў Гродна і савецкіх салдат. Экскурсія пачнецца адначасова з двух розных месцаў. Аб 11-й гадзіне жадаючыя пабачыць Гродна так, як у 1939 годзе бачылі байцы Чырвонай Арміі, збяруцца на вуліцы Гарнавых каля помніка палітруку. Гісторыя польскіх абаронцаў горада пачнецца з вуліцы Дзяржынскага. У канцы групы сустрэнуцца. Кульмінацыю экскурсій арганізатары трымаюць у сакрэце.
Як распавёў Еўрарадыё Андрэй Вашкевіч, гэта першая вандроўка па горадзе з серыіі экскурсій, прысвечаных савецкаму Гродна. Да канца лістапада вядомыя гісторыкі і краязнаўцы правядуць яшчэ пяць інтэрактыўных сустрэч пра савецкую адукацыю ў горадзе, тагачасную архітэктуру, войска, жыццё шараговых гродзенцаў і андэграўндныя гарадскія групоўкі.
“Пасля экскурсій мы зробім выставу фатаграфій пра Гродна савецкага перыяду”, — кажа Андрэй Вашкевіч.
Адзначым, што праект “У пошуках гісторыі: паўсядзённае жыццё савецкага Гродна“ арганізавалі грамадскае аб’яднанне маладых навукоўцаў “ВІТ” і прадстаўніцтва аб’яднання “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.” (Нямеччына) у Беларусі.