Гродзенская птушкафабрыка вывезла на сметнік амаль увесь ураджай кукурузы

У кар'еры недалёка ад вёскі Нямейшы Гродзенскага раёна дагніваюць дзясяткі тон кукурузы. Як піша газета "Гродненская правда", “Гродзенская птушкафабрыка”, вырасціўшы нядрэнны ўраджай кукурузы і не здолеўшы захаваць яго, проста вывезла ўсё збожжа на звалку. Звезенае з поля збожжа захоўвалася на адкрытых пляцоўках на ўчастках Каробчыцы і Малаховічы. У Каробчыцах сушылка пастаянна псавалася. Аднойчы яна прастаяла каля двух сутак. За гэты час сырое збожжа прыйшло ў непрыдатнасць, і яго яшчэ дня два выгружалі з сушылкі.

Таму намеснік дырэктара па вытворчасці разам з галоўным інжынерам прадпрыемства прынялі рашэнне вывезці сапсаванае збожжа на сметнік. Акт на знішчэнне збожжа кукурузы і вываз яго на сметнік не складаўся.

На думку супрацоўнікаў Камітэта дзяржкантролю і УДФР, у зямлю закапана не меней за 60 тон збожжа кукурузы. У гаспадарцы прызнаюць толькі палову гэтай колькасці.