Гродзенскіх пікетоўшчыкаў за Някляева просяць змяніць месца збору подпісаў
Змяніць месца збору подпісаў за прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Ўладзіміра Някляева прапанавалі сябрам яго ініцыятыўнай групы ў Гродне.
Сёння праз 10 хвілін пасля пачатку пікета на вуліцы Гарнавых прыехалі 5 міліцэйскіх машын на чале са старшынём выбарчай камісіі Кастрычніцкага раёна Уладзімірам Хлябічам. Прэтэнзіяй да пікетоўшчыкаў сталі расцяжкі і сцягі з сімволікай кампаніі “Гавары праўду!”, расказаў Еўрарадыё сябра ініцыятыўнай групы Зміцер Бандарчук.
Паводле актывіста, прэтэнзіяй міліцыі было і тое, што "пікет перашкаджае людзям". Месца яго правядзення знаходзіцца на высокім беразе Нёмана, узвышша добра бачна ў цэнтры горада і там актыўна ходзіць транспарт.
У дадзены момант міліцыя пакінула пікет у спакоі, Уладзімір Хлябіч з’ехаў з пагрозамі паскардзіцца ў Цэнтрвыбаркам, распавёў Зміцер Бандарчук.