Інспектар ДАІ пад Жабінкай, прыкрываючы вернікаў, стаў "жывым шчытом"

Аўтамабіль наехаў на хросны ход у Жабінкаўскім раёне, у выніку пацярпеў супрацоўнік ДАІ, які суправаджаў вернікаў. Здарэнне адбылося 13 красавіка на 29-м кіламетры трасы Брэст - Мінск - мяжа з Расіяй. Каля 200 паломнікаў рухаліся па абочыне дарогі. У пачатку і канцы калоны іх суправаджалі аўтамабілі ДАІ.

Калі інспектар на машыне, якая рухалася за вернікамі, заўважыў аўтамабіль, што на вялікай хуткасці ляцеў на калону, ён затармазіў сваю машыну і прыкрыў ёю людзей. У выніку, "Форд-Мандэа", за рулём якога быў 25-гадовы жыхар Брэста, урэзаўся ў аўтамабіль ДАІ.

36-гадовы інспектар атрымаў траўмы, аднак з бальніцы пасля аказання дапамогі быў выпісаны. А вось яго аўтамабіль не падлягае аднаўленню. Кіроўца "Форда" і пасажыр не пацярпелі.

БелаПАН адзначае, што праваслаўныя вернікі плануюць да 20 траўня дайсці да Бранску.