Каб падвысіць паказчыкі па аказанні платных паслуг, ідуць на крымінал

Супрацоўнікі аддзела культуры ідуць на крымінал, каб падвысіць паказчыкі па аказанні платных паслуг.  Пракуратура Клімавіцкага раёна мяркуе, што факты прыпісак, у якіх падазраецца начальнік аддзела культуры райвыканкама Вольга Хаўранкова, мелі месца і ў іншых раёнах Магілёўскай вобласці. У сувязі з гэтым праваахоўнае ведамства будзе настойваць на перадачы справы на расследаванне ва УУС Магілёўскага аблвыканкама, паведамляе БелаПАН.

Цяпер справа расследуецца мясцовым аддзелам унутраных спраў. Жанчына падазраецца ў падачы заведама непраўдзівых звестак аб правядзенні канцэртаў і іншых мерапрыемстваў, чым завысіла паказчыкі па аказанні платных паслуг больш чым на 390 млн. рублёў. Сама Хаўранкова займае ранейшую пасаду. У дачыненні да яе ніякіх мер стрымання не абіралася.На сайце райвыканкама яна адна з тых, кім "ганарыцца раён".Акрамя таго, з'яўляецца дэпутатам Клімавіцкага раённага савета дэпутатаў.

 Хаўранковай пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.