Калі Расія не будзе купляць малако, перапрацуем яго ў... спірт

Беларускія тэхналогіі дапамогуць нашай прадукцыі перажыць "малочную вайну" Паводле розных падлікаў, штогод Беларусь прадавала ў Расію ад 2 да 3 мільёнаў тон малака. Еўрарадыё вырашыла высвятліць, што нам рабіць з гэтымі надоямі, ад якіх вырашылі адмовіцца ўсходнія суседзі.

Першае, што адразу прыходзіць да галавы: вып'ем самі! Калі падзяліць усё не выпітае расіянамі малако на наш шматмільённы народ, атрымаем па шклянцы карыснага напоя на сняданак, абед, вячэру і паўшклянкі на падвячорак. Іншымі словамі, кожны беларус дадаткова мусіць выпіваць 0,7 літра малака штодня. Але, згодна з дадзенымі Міністэрства статыстыкі, мы і так ўжо п'ем па паўлітры. Ці не будзе гэта занадта, спытала Еўрарадыё ў доктара-гастраэнтэролага, прафесара Юрыя Марахоўскага, які адказаў нам па-польску:

Юрый Марахоўскі: "Ёсць такая польская прымаўка: "што занадта, то не здрова". Патрэбнасць чалавека ў малацэ складае каля 250-400 мілілітраў у суткі".

Шкада. Аказваецца, што мы і так ужо перавышаем усе дапушчальныя нормы.

Можа, тады выкарыстаем малако ў касметычных мэтах? Абавяжам салоны прыгажосці рабіць нейкія там малочныя ванны... З гэтай прапановай мы звярнуліся ў мінскі касметалагічны цэнтр "Шадэ". Але і там нас расчаравалі. Кажуць, што малако — непрафесійны прэпарат, якім карыстаюцца хіба толькі дома.

"Шадэ": "У салонах прыгажосці малако не выкарыстоўваецца, бо гэта непрафесійны прэпарат. Яго выкарыстоўваюць толькі ў хатніх умовах".

Без асаблівай надзеі Еўрарадыё звярнулася ў Інстытут мяса-малочнай прамысловасці. "Што будзем рабіць з гэтымі мільёнамі тонаў, Аляксей Віктаравіч?" — запыталі мы ў дырэктара інстытута Аляксея Меляшчэні. І тое, што пачулі ў адказ, нас прыемна здзівіла. Аказваецца, існуюць ужо такія тэхналогіі, каб ператварыць малако ў спірт.

Аляксей Меляшчэня: "Малочную сыроватку можна выкарыстоўваць для вытворчасці спірту. Але гэта атрымоўваецца трохі даражэй чым са збожжа. Але, па сутнасці, усё іншае танней вырабляць з нафты ды газу, чым з малака — ніякага эканамічнага сэнсу ў гэтым няма. Таму малако выкарыстоўваецца для вытворчасці харчовых прадуктаў".

Увогуле ж, паводле слоў Аляксея Меляшчэні, малако можна выкарыстоўваць па рознаму: і ў хлебапячэнні, і у кандытарскай справе, можна рабіць клей, але гэтым цяпер займаюцца хіба што ў Кітаі. Добрым выйсцем з'яўляецца перапрацоўка малака ў такую прадукцыю, якая захоўваецца як мага даўжэй і можа перажыць малочную вайну, кажа Меляшчэня.

Аляксей Меляшчэня: "Ёсць сыры працяглага тэрміну паспявання, якія можна захоўваць год. Сухое малако захоўваецца 12, 18, 24 месяцы ў залежнасці ад тэхналогіі вытворчасці".

Але дырэктар Інстытуту мяса-малочнай прамысловасці спадзяецца на тое, што вайна хутка скончыцца, бо перапрацоўваць малако будзе досыць цяжка, хаця на гэта і ёсць магутнасці.

Аляксей Меляшчэня: "Спадзяюся, што лішкаў малака ў дзяржаве не з'явіцца. Калі усё ж так атрымаецца, то будзе цяжка, але малако будзе перапрацавана. Бо ёсць вольныя магутнасці па вытворчасці казеіна ды сушцы малака. Рэспубліка ў апошнія гады вырабляла і прадавала каля 10 тысяч тон казеіна. Але магутнасці ёсць і на аб'ёмы паболей".

Фота — www.100zatey.ru