“Камаедзіца” выступіла на забароненым у Беларусі турніры (фота, відэа)
4 кастрычніка ў Маскве, адбыўся турнір White Rex Pro — the Birth of a Nation. На турнір прыехалі прафесійныя байцы ММА з усёй Еўропы.
Паглядзець на баі прыйшло каля двух тысяч чалавек. Адкрылі турнір музыкі беларускага гурта “Камаедзіца”. Яны выканалі кампазіцыю “Дух Ваяра”, запісаную ў падтрымку турніраў White Rex.
Адбыўся ў гэты вечар і бой з удзелам беларускага байца. Іван Гладкі болевым прыёмам у першым раўндзе перамог расіяніна Марка Булахціна.
Адзначым, што ў жніўні турнір White Rex спрабавалі правесці ў Мінску, аднак сталічная міліцыя не дала гэтага зрабіць. Як пазней паведамілі самі арганізатары, мінскія міліцыянеры тады палічылі што “турнір — гэта не свята спорту, а нацысцкі шабаш”.
Ініцыятыву White Rex у інтэрнэце абвінавачваюць у неанацысцкіх схільнасцях. На адным з іх турніраў біўся, да прыкладу, добра вядомы ў Мінску неанацыст Максім “Цясак” Марцінкевіч.


