Кандрусевіч прызначаны кіраўніком Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіi

Новым кіраўніком Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіi Рымска-каталіцкай царквы афіцыйна прызначаны арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Сёння папа рымскі Бенядзікт XVI вызваліў яго ад пастырскага кіраўніцтва архідыяцэзіяй Маці Божай у Маскве. Да гэтага прызначэння пасаду апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з 14 чэрвеня 2006 года займаў Антонiй Дзям’янка.

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 года у вёсцы Адэльск непадалёк ад Гродна. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, адкуль праз год быў павінен сысці ў сувязі з абвінавачаннямі ў тым, што ён рэгулярна наведвае касцёл і ўдзельнічае ў набажэнствах.

У 1988 годзе абараніў дысертацыю і атрымаў навуковую ступень доктара тэалогіі. Праз год папа рымскі Ян Павел ІІ прызначыў яго апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі.

У Беларусі біскуп Тадэвуш Кандрусевіч заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю больш чым 100 раней закрытых касцёлаў і выданню "Парадку імшы" і "Катэхізісу" на беларускай мове. У 2002 годзе быў прызначаны мітрапалітам кафедры Маці Божай у Маскве.

БелаПАН