Казахі: Восьмы дзень фура ў нейтральнай зоне паміж Беларуссю і Расіяй

Расія напрыканцы лістапада спыніла транзіт праз сваю тэрыторыю садавіны і гародніны, што ідзе ў Казахстан праз Беларусь. Нягледзячы на тое, што гэта тры краіны Мытнага саюза. Масква лічыць, што беларусы займаюцца рээкспартам, рэалізуюць тавар на расійскай тэрыторыі, а да Казахстана грузы не даязджаюць.

Звернемся да дадзеных Белстата. Cа студзеня па верасень Беларусь экспартавала ў Казахстан яблыкаў амаль у 9 разоў больш, чым за 9 месяцаў 2013 года. Каласальна павялічыўся экспарт груш — ажно ў 178 разоў. Сёлета наша краіна нечакана пачала пастаўляць у Казахстан… персікі. З Беларусі ва ўсходнім напрамку іх вывезлі ажно 110 фур персікаў!

Вядома, уся гэтая прадукцыя экспартавалася праз тэрыторыю Расіі. Імаверна, нейкія з гэтых тавараў у Казахстан не накіроўвалася. Пра што робіць намёкі ўсё тая ж статыстыка: імпарт яблыкаў у Беларусь павялічыўся ўдвая, груш — утрая.

Цікава, ці дасягнуў гэты прадмет гандлю казахстанскага рынка? Еўрарадыё апытала прадстаўнікоў 7 крамаў у розных гарадах Казахстана. Усе яны сведчаць пра тое, што беларускага ў крамах амаль ніколі не было, няма і сёння. Дэфіцыту садавіны і гародніны на тамтэйшых прылаўках таксама не адчуваецца.

Пакуль ад забароны транзіту пакутуюць толькі перавозчыкі. Сітуацыю каментуе прадстаўнік KZ Fruit Company, якая на 80% забяспечвае прадукцыяй раслінаводства Мангістаўскую вобласць, што на паўднёвым захадзе Казахстана:

“Восьмы дзень машына знаходзіцца ў нейтральнай зоне між Беларуссю і Расіяй. Яе не пускаюць ні ў якім накірунку. Дзве машыны каля сямі дзён стаяць на латвійска-расійскай мяжы. Страты ўжо складаюць ля $50 тысяч.”

Прадстаўнік кампаніі мяркуе, што цяпер, каб еўрапейская прадукцыя патрапіла ў Казахстан, яе варта будзе везці праз Чорнае і Каспійскае моры. А ў такім выпадку кошт перавозкі павысіцца ўдвая. Больш за тое, марское злучэнне “Адэса-Поці” — не надта стабільнае, што можа адмоўна паўплываць на бесперабойнасць паставак.

Ад такой сітуацыі пакутуюць і беларускія транспартныя кампаніі, прынамсі тыя, якія працуюць на расійскі і казахстанскі рынкі.

Прадстаўнік кампаніі Beltop кажа пра падзенне перавозак на палову. Яшчэ больш страт — ад дэвальвацыі расійскага рубля:

“Забарона транзіту па расійскай тэрыторыі ў Казахстан прыносіць страты. Падзенне расійскага рубля таксама негатыўна адбіваецца, бо расіяне плацяць расійскімі рублямі, а змены на валютным рынку іх не надта турбуюць”.

Праз чатыры дні заканчваецца дзесяцідзённы тэрмін, які кіраўнік Беларусі даў чыноўнікам на вырашэнне праблемы з Расіяй.

Фота: tut.by