Казахстанская апазіцыя заяўляе пра фальсіфікацыю вынікаў выбараў

Казахстанская апазіцыя не прызнае вынікі парламенцкіх выбараў. Пра гэта заявілі прадстаўнікі Агульнанацыянальнай сацыял-дэмакратычнай партыі і партыі “Ак жол” (“Святло Айчыны”). Нагадаем, у парламент Казахстана прайшла толькі партыя прэзідэнта Назарбаева - “Нур Отан”, якая набрала больш за 88% галасоў выбаршчыкаў. Сацыял-дэмакраты занялі другое месца, яны набралі 4,62% галасоў. Прычым у Астане і Алма-Аце за іх прагаласавалі адпаведна 10,6 і 21,5%.

За “Святло Айчыны”, якой палітолагі і сацыёлагі прагназавалі пераадоленне бар’ера ў 7%, свае галасы аддалі 3,27% выбаршчыкаў.

Апазіцыянеры заявілі, што агучаныя Цэнтрвыбаркамам папярэднія вынікі “не адлюстроўваюць рэальных суадносінаў грамадска-палітычных сілаў і іх сацыяльную падтрымку ў грамадстве”.

Прадстаўнік “Святла Айчыны” перакананы, што насамрэч яго партыя набрала 12% галасоў.

Інтэрфакс